Аўтавыдаленне, віджэты і часовыя запрашальныя спасылкі

Чытаць арыгінальнае апавяшчэнне па-англійску
Auto-Delete, Widgets and Expiring Invite Links

Гэтае абнаўленне дадае таймер аўтавыдалення для паведамленняў у любым чаце і канале, а таксама наладжвальныя запрашальныя спасылкі і віджэты для зручнейшага і хутчэйшага доступу да вашых чатаў з галоўнага экрана смартфона. І яшчэ адно — суполкі цяпер не маюць абмежаванняў па колькасці ўдзельнікаў.

Аўтаматычнае выдаленне паведамленняў

Не ўсе размовы мусяць заставацца назаўсёды, і менавіта таму карыстальнікі Telegram могуць выдаляць паведамленні для ўсіх бакоў у любым чаце і ў любы час, поўнасцю і бясследна. З 2013 года карыстальнікі таксама могуць задаваць таймер самазнішчэння ў сакрэтных чатах.

Ад сёння можна ўключыць таймер аўтавыдалення ва ўсіх чатах Telegram — і паведамленне знікне ва ўсіх, хто яго атрымліваў: праз 24 гадзіны або 7 дзён пасля адпраўкі.

Аўтаматычнае выдаленне дастасоўваецца да паведамленняў адпраўленых пасля выстаўлення таймера, а ранейшыя паведамленні застануцца ў гісторыі чата. У адрозненне ад сакрэтных чатаў, адлік таймера пачынаецца пасля адпраўкі паведамлення, а не прачытання атрымальнікам.

Каб уключыць таймер на Android, націсніце ⋮ > Ачысціць гісторыю, а потым выберыце час.
На iOS зацісніце і ўтрымлівайце паведамленне, пасля націсніце Выбраць > Ачысціць канал/чат (злева ўверсе) > Уключыць аўтавыдаленне.

Усе паведамленні паказваюць, колькі часу засталося да іх выдалення — проста даткніцеся да паведамлення на Android або зацісніце яго на iOS, каб паглядзець. 🕵️

Часу застаецца

У суполках і каналах налады таймера даступныя толькі кіраўнікам.

Віджэты

Каб імгненна перайсці ў самыя важныя для вас чаты, дадайце віджэт Telegram на галоўны экран вашага смартфона. Віджэт чатаў паказвае перадпрагляд апошніх паведамленняў, а віджэт ярлыкоў паказвае толькі імёны і аватары.

На Android чаты і паведамленні ў віджэце заўсёды будуць абноўленымі, і вы можаце расцягнуць віджэт на любы памер. На iOS віджэты абнаўляюць інфармацыю не пастаянна і не могуць быць расцягнутыя — такія абмежаванні накладае на нас сістэма.

Каб дадаць віджэт, зацісніце і ўтрымлівайце свабоднае месца на вашым экране, потым даткніцеся да кнопкі «Віджэты» на Android або «+» на iOS і знайдзіце ў спісе Telegram.

Часовыя запрашальныя спасылкі

Запрашальныя спасылкі — хуткі і зручны шлях прывесці аднаго або адзін мільён карыстальнікаў у вашы суполкі і каналы. Цяпер, у дадатак да асноўнай спасылкі, уладальнікі і кіраўнікі могуць стварыць дадатковыя спасылкі з абмежаваным часам дзеяння, колькасцю ўваходаў, або з абодвума гэтымі параметрамі адразу.

Любую запрашальную спасылку можна сканвертаваць у скануемы QR-код, які можна размясціць хоць на брашуры, хоць на рэкламных шчытах. Вы таксама можаце дасочваць, колькі карыстальнікаў увайшлі праз гэтую спасылку, каб ведаць, адкуль яны прыходзяць або які фармат стаўся самым эфектыўным для росту вашай аўдыторыі. 🚀

Каб прагледзець экран кіравання запрашальнымі спасылкамі, адкрыйце Налады суполкі або канала > Рэдагаваць > Запрашальныя спасылкі. Націсніце «⋮» або «⋯», каб сканвертаваць спасылку ў QR-код.

Суполкі з неабмежаваннай колькасцю ўдзельнікаў

Суполкі Telegram могуць утрымліваць да 200 000 удзельнікаў, даючы ім свабоду абменьвацца паведамленнямі, файламі і стыкерамі. Суполкі, якія наблізіліся да гэтага абмежавання, цяпер могуць быць пераўтвораны ў суполкі для тансляцый без абмежавання колькасці ўдзельнікаў.

У суполках для трансляцый адпраўляць паведамленні могуць толькі кіраўнікі, але ўдзельнікі могуць далучацца да галасавых чатаў.

Суполкі для трансляцый ідэальна падыходзяць для вялікіх супольнасцей, дзе людзі могуць сачыць за эксклюзіўнымі інтэрв’ю і навінамі або проста крыху пагутарыць.

Палепшаны імпарт чатаў

Нашы распрацоўшчыкі працягваюць паляпшаць функцыю імпарту чатаў, якую мы дадалі ў Telegram у мінулым месяцы. Цяпер імпартаваныя паведамленні будуць мець сваю арыгінальную дату адпраўкі пры ўмовах, што вы імпартуеце іх у чат Telegram дзе не больш за 1000 паведамленняў.

Сартаванне паводле арыгінальнай даты адпраўкі на дадзены момант даступнае для ўсіх чатаў «тэт-а-тэт», усіх новых створаных і меншых існуючых суполак.

Палепшаная сістэма скаргаў

Telegram апрацоўвае мільёны скаргаў кожны месяц, каб не дапусціць распаўсюджванне змесціва, якое парушае правілы. Каб зрабіць скаргі больш эфектыўнымі, мы цяпер будзем прапаноўваць вам выбраць канкрэтныя паведамленні падчас адпраўкі скаргі.

Дадаткова да ўсіх варыянтаў скаргі цяпер можна дадаць каментарый, каб растлумачыць мадэратару кантэкст здарэння, напрыклад, пры скарзе на падстаўны ўліковы запіс.

І новыя анімаваныя эмодзі

Як і заўсёды, абнаўленне прыносіць новыя анімацыі, так што паэксперыментуйце вось з гэтымі персанажамі ніжэй, адпраўляючы адзін эмодзі ў любы чат.

На сёння ўсё, гэтае паведамленне знішчыцца праз 3, 2, 1 … авой! Не звяртайце ўвагі: гэта ж допіс у блогу, яны пакуль яшчэ так не ўмеюць. 😅


23 лютага 2021
Каманда Telegram

Other News

Абагульванне папак з чатамі, карыстальніцкія фоны і шмат чаго яшчэ

Гэтае абнаўленне дазваляе карыстальнікам абагульваць цэлыя папкі з чатамі ўсяго праз адну спасылку, ствараць карыстальніцкія фоны для асобных…
Apr 21, 2023

Рэжым эканоміі энергіі і шмат чаго яшчэ

Гэтае абнаўленне дадае новы рэжым эканоміі энергіі, аптымізуе Telegram для прылад Android з нізкай прадукцыйнасцю, пашырае параметры хуткасці прайгравання і шмат чаго яшчэ.
Mar 8, 2023

Эмодзі-аватары, катэгорыі эмодзі, пераклад чатаў цалкам і шмат чаго яшчэ

Першае за год абнаўленне Telegram дадае 10 значных новых магчымасцей — мы падумалі, што добра будзе для пачатку крыху размяцца.
Feb 3, 2023

Схаваныя медыя, нулявое выкарыстанне сховішча, новыя інструменты для малявання, асобныя аватары для вашых кантактаў і шмат чаго яшчэ

Ніхто не будзе сумаваць па 2022, але з гэтым…
Dec 30, 2022